Усе сацыяльныя льготы будуць адмененыя
Еўрарадыё падлічыла, як скажацца на фінансавым становішчы беларусаў новы законапраект “Аб сацыяльных ільготах”.
Спампаваць (3.1 Mb)
“Не ад добрага жыцця дзяржава эканоміць”, – сказала намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч. Аб гэтым Наталля Уладзіміраўна заявіла на сустрэчы з беларускімі парламентарыямі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Падобна на тое, што ўсё ж такі ўсе сацыяльныя льготы будуць адмененыя.
Еўрапейскае Радыё задалося пытаннем, колькі льготнікі эканомілі раней. І колькі яны страцяць цяпер? Відаць, наймацней змены на сабе адчуюць студэнты. Гаворыць ураджэнка Гродна студэнтка 5-га курса БДУ Вольга:
“Маршрутка да Гродна каштуе амаль 40 тысяч. Калі я еду ў выхадны дзень, то магу дазволіць сабе квіток за 20 тысяч. Раней я ездзіла кожныя два тыдні дамоў. Плюс яшчэ праезды ў гарадскім транспарце.
Атрымліваецца, мінімум кожны дзень ездзіць на аўтобусе на заняткі і назад. Нават калі гэта тысяча ў дзень эканоміцца, то за месяц гэта ўжо 30 тысяч. Калі палічыць у суме, то гэта 70 тысяч эканоміі ў месяц. Гэта сярэдняя стыпендыя, якую атрымлівае студэнт”.
“Упарадкаванне” льготаў таксама адчуюць на сабе ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і былыя вязні фашыцкіх канцлагераў. Істотнай для іх будзе адмена 50-адсоткавай аплаты за камунальныя паслугі. На ёй, жывучы ў двухпакаёвай кватэры, за год можна зэканоміць каля паўмільёна.
Прычым, адмену льготаў намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта апраўдала так: “Можна захаваць ільготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі ў тры-чатыры разы большыя”. Відаць, Наталля Пяткевіч не ўлічыла, што ветэраны і былыя вязні таксама аплочваюць камунальныя плацяжы.
Аднак некаторыя льготы прымяняліся нерацыянальна, лічыць Ніна Ігнатовіч. Яе бацька – ветэран вайны, інвалід 2-й групы, маці – былая вязень канцлагера, інвалід 1-й групы. Гаворыць Ніна Ігнатовіч:
“Мама 4 гады ўжо ляжыць пасля інсульту. То ёй, напрыклад, бясплатны праезд у гарадскім транспарце не патрэбны. І лепш бы далі ёй дапамогу на вітаміны ды на памперсы. Ці бясплатнае пратэзаванне зубоў. На бясплатнае заўсёды была чарга. А чалавек у такім узросце ўжо не можа чакаць. І мой бацька ставіў пратэзы за грошы. І ніхто яму гэтыя грошы не вяртаў”.
Не магла напоўніцу карыстацца льготамі на лекі для дзяцей і Ніна Турковіч, мама трохгадовай Паліны:
“У мяне дзіця вельмі сур’ёзна хварэла да года. Тыя лекі, якія нам былі патрэбныя, - дарагія, эфектыўныя, лекар не магла выпісаць, таму што, з яе словаў, у іх ёсць пералік неабходных танных лекаў. І вось тыя, якія можна было, яна выпісвала. Самае простае, якую-небудзь прысыпку ці ёд – тысячу ці дзве можна было зэканоміць, не больш. Я адкрыла сваю карту бясплатных рэцэптаў. У нас там капейкі”.
Цяпер палічым, колькі можа згубіць пры адмене льготаў абстрактная сям’я, напрыклад, з Гродна. У сям’і жыве бабуля – ветэран вайны, мама, тата, студэнт, які вучыцца ў Мінску, і школьнік. Бабуля згубіць на камунальных плацяжах каля 70 тысяч у месяц, студэнт на праездзе такую ж суму.
Школьнік, які, уявім, ездзіць у гімназію, на праездзе згубіць 13 тысяч. І бабуля на паездках можа згубіць, да прыкладу, не больш за 5 тысяч. Уся сям’я цалкам губляе каля 160 тысяч у месяц.
Ільготы, якія збіраюцца адмяняць (спіс)
Еўрарадыё, Віталіна Грахоўская

спампаваць!
