Нядаўна ў сваім Жывым часопісе блогер-традыцыяналіст kryviec напісаў, што прысніў адноўлены Гальшанскі замак. І не проста адноўлены, а ў якасці элітнай навучальнай установы.(Фота злева) Нешта сярэдняе паміж Вевельсбургам і Хогвартсам.
Не думаю, што калісьці крыўцовы мары здзейсняцца, але ёсць у іх і доля рацыі. Любому ўніверсітэту патрэбна пэўная аўра даўніны, акадэмічнасці, грунтоўнасці. Цудоўна, што, напрыклад, Гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага універсітэта пераехаў з Наваполацкай пяціпавярхоўкі і будынак Езуіцкага калегіюма ў Полацку. У езуіцкіх мурах зусім іншая атмасфера, адчуваецца дух навукі. У Наваполацку было зусім не тое.
А студэнтам Віленскага ўніверу дык наогул у гэтым плане пашанцавала. Яны навучаюцца ў самым цэнтры Старога места Вільні ў старажытных універсітэцкіх мурах.
Ці не хацелі б вы павучыцца ў гэтых мурах? Многія студэнты ў Беларусі паступаюць, на жаль, не ва ўніверсітэт, а хутчэй у горад, а дакладней у Мінск, каб вырвацца з правінцыі і неяк замацавацца ў сталіцы. На пытанне, дзе ты навучаешся, многія нават так і адказваюць – у Мінску, у Віцебску, у Магілёве. То бок важна места, а не навучальная ўстанова. Патрапіўшы ў вялікі горад, на навучанне застаецца не так і шмат часу. Асабліва, калі ты з правінцыі, то тут і саблазны, і адаптавацца трэба, ды і падпрацоўку знайсці, калі грошай у бацькоў не так і шмат.
Зусім інакш было б, каб найбольш прэстыжныя беларускія ўніверсітэты знаходзіліся ў Крэве, Міры, Полацку і іншых гістарычных цэнтрах. Гэта дапамагло б, напэўна, хоць трохі вырашыць праблему масавага высмоктвання маладой працоўная сілы Мінскам з рэгіёнаў, а таксама натхняла б маладых людзей больш часу аддаваць менавіта навуцы – атмасфера была б адпаведная, ды і саблазнаў было б паменей.
Віленскі універсітэт.
А вось так выглядае кампус прэстыжнага Гарварду.
А вось так выглядае кампус Оксфардскага універсітэту.
паводле http://westki.info


