РЭЦЭНЗІЯ ад Kenny: “Кніга Ілая” ад братоў Хьюз

200px-poster_filma_kniha_ilaja.jpg


Суботні вечар быў сапсаваны ў выніку неадэкватных дзеяньняў сябра. Прыдумваць і ладзіць што-небудзь іншае замест сарваных планаў часу ужо не было. І я вырашыў, каб ужо не зусім дарэмна правесці час, пайсці ў любімую “Перамогу” на фільм “Кніга Ілая”. І гэта было памылкай. Цяжка зараз сказаць, што больш сапсавала фінал таго дню: аблом з вечарынай з дзяўчынкамі альбо паўтарыгадзінная брыдота ад вельмішаноўных братоў Хьюз.

Але па чарзе. У галоўных ролях, на вялікі жаль, узялі ўдзел Дэнзэл Вашынгтон і Гэры Олдмэн. Абодва акцёры неблагія. І менавіта гэта стала хіба што не адзінай прычынай майго такога памылковага выбару фільму ў той дзень, бо, яшчэ глядзеўшы трэйлеры, іншых лагічных абгрунтаваньняў, каб глядзець гэтую стужку, для сабе я не знайшоў. Узяўшы ў разлік даволі выбітны акцёрскі склад, і з гэтага зрабіўшы неабдуманую выснову, што стужка мусіць быць прынамсі відовішчнай, я накіраваўся жудасным марозам у кінатэатр.

Там мяне чакала сапрыўдная экстатычная асалода ад прагляду гэтага шэдэўра кінамастацтва. Тут было ўсё: і ўзрушаючыя сваёй наіўнасьцю, тупізной і бязглуздасьцю дыялогі, і цалкам пазбаўлены сэнсу сюжэт, і прымітыўны антураж, і ідыёцкія персанажы-людаеды, і зацягнутыя сцэны, і разбураны Сан-Францыска ў якасьці бонуса. Фільмаў такога кшталту можна прыгадаць пяць-дзесяць адразу і ўсе яны будуць на парадак лепш, чым нас так неасьцярожна парадавалі браты Хьюз.

Падзеі фільма адбываюцца праз трыдцаць год пасьля нейкай тэхнагеннай катастрофы, якая амаль цалкам вынішчыла насельніцтва планеты. Насельніцтва, што засталося, ў прыступе ўсеагульнага ідыятызму вынішчыла ўсе экземпляры Бібліі. Застаўся толькі адзін экзэмпляр, які небарака Ілай-Дэнзел Вашынгтан цягне кудысьці на захад, куды яго нібыта Бог уласнаасобна накіраваў. На сваім шляху ён натыкаецца на горад, дзе кіруе герой Гэры Олдмэна з бандай дэбілаў, персанаж, як можна здагадацца, адмоўны і п**дануты на ўсю галаву. Апошні спрабуе Біблію ў спадара Ілая адабраць. Спробы гэтыя маюць вынікам некалькі боек, парастрэлак і выбухаў, вельмі звычайных, зробленых па-крызіснаму сквапна і без фанатызму. Дабро, як відавочна, перамагае зло, але ў дадзеным выпадку настолькі непрыгожа і нецікава, што на ўсё, што адбываецца на экране бліжэй да канца фільма, хочацца проста пляваць.

Падсумуем. У выніку звышнатуральнага спалучэньня ўсіх недахопаў, якія толькі можна ўявіць, на выхадзе мы маем больш чым звычайную нізкамастацкую стужку, з настолькі занудным і прымітыўным сюжэтам і бяздарнай рэжысёрскай работай, што яе не выратоўваюць нават такія таленавітыя акцёры як Дэнзел Вашынгтан і Гэры Олдмэн. Калі вам ў прыступе нігілізму і цягі да самазнішчэння вельмі хочацца сапсаваць сабе вечар, то гэта як раз той фільм, які вам варта паглядзець. Ва ўсіх іншых выпадках я бы вам рабіць гэтага не раіў.

даведка StudFarmat’a:
Kenny – выхаванец-выдатнік Гістарычна-філалагічнага факультэту УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт”.
Ідэйны недавыхаванец аспірантуры ДНУ “Інстытут гісторыі” НАН Беларусі
Аматар кіно, дзяўчын і творчасці Эрленда Лу

Камэнтаваньне закрытае