Вось і здарыліся ў Мінску “НаехОвичи”. Адбываліся яны ў клубе “Рэактар” 3 сакавіка. І я там, як кажуць, быў, піва піў. Але не ў піве справа: клезмер* – слова не дарма мае розныя гукавыя асацыяцыі – сядзець спакойна нікому не дасць. Асабліва ў выкананні піцерскіх габрэяў. “Прафесійных габрэяў”, як заўважыў скрыпач гурта Дзіма Храмцоў.
Дык што такое “НаехОвичи”? Не, гэта не тыя, што панаехалі. Гэта тыя, што граюць “традыцыйныя габрэйскія мелодыі з новым гучаннем” і завуцца клезмер-гараж-бэндам.
Кажуць, нельга параўноўваць габрэяў і цыган. Нехта можа пакрыўдзіцца. Але не ўтрымаюся, прыгадаю нашых «Маланка Orchestra», што ўдала апрацоўваюць матывы адвечных “валацуг”. І “Чорную котку, белага ката”, было там, помніцца, нешта святочна-музычнае. І – уявіце флейту, калі яна адчайна спрабуе нешта сказаць, плюс скрыпку, як тая можа гучаць толькі ў “народнай” музыцы. А цяпер да-дайце джазу, або рэгі-матываў, ці нават рок-гучання. Атрымалася? Не, калі вы гэтага не чулі. А там яшчэ й вакал з разгульнага вяселля! Калі беларусы навучацца так аб’ядноўваць бязмежныя сум і весялосць? Напэўна, калі адпусцяць розум ляцець за ветрам, угледзяцца ў вочы цыганскай адчайнасці і зразумеюць сэнс габрэйскай усмешкі. Першы крок – музыка, што спалучае прыгажосць лірычнай песні з неўтаймаванасцю сяброўскай п’янкі.
Сёлетні канцэрт у нас не першы. Але на выступе прысутныя маглі адчуць сябе абранымі – спрацаваў недахоп рекламы. Ды, здаецца, хлопцы не пакрыўдзіліся і раскалыхалі так, што і поўная зала не выстаяла бы. А пасля з’ехалі ў вясновы тур. Еўропа пачынаецца з Мінску – прыемна. Увогуле, падчас размовы з журналістамі “НаехОвичи” нагаварылі шмат прыемнасцей: пра актыўнае развіццё айчыннай музыкі, мінскіх сяброў і водгукі беларускіх крытыкаў (так нашы крытыкі даведаліся, што існуюць.
Іншымі словамі, пакінулі чаканне наступнай сустрэчы. А мы пакуль падрыхтуемся, каб сустрэць як след. Бо працаваць заўсёды ёсць над чым. Можа, знаёмства з новай традыцыйнай габрэйскай музыкай перарасце ў новую добрую традыцыю. А як сказаў саліст бэнда Іван Жук, традыцыя – гэта “не працяг, а развіццё”.
Проста Саша
*што такое клезмер, можна паглядзець, напрыклад, тут – http://www.klezmer.com.ua/ ці яшчэ дзе-небудзь. Сайт гурта – http://www.nayekhovichi.ru/