Прапанова беларускіх дэпутатаў аб адмене адтэрміноўкі ад вайсковага прызыву для студэнтаў-платнікаў не знайшла падтрымкі і не ўвойдзе ў лік паправак у закон “Аб воінскім абавязку і воінскай службе”.
Вырашана пакінуць тую частку законапраекта, якая тычыцца прадастаўлення адтэрміновак ад службы ў войску, без змяненняў. Яна застаецца ў тым жа выглядзе, у якім была прынята дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні. Гэта значыць, адтэрміноўку ад арміі плануецца адмяніць толькі для студэнтаў завочных форм навучання.
Паводле старшыні Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Віктара Гумінскага, адмена адтэрміноўкі ад прызыву для студэнтаў-завочнікаў не будзе азначаць пагалоўнага набору ў войска ўсіх, хто навучаецца на завочных аддзяленнях.
“Гэта не азначае, што прыйдзе час і ўсіх завочнікаў прызавуць. У войска возьмуць толькі столькі, каб даўкамплектаваць сілавыя структуры да неабходнай колькасці прызыўнікоў”, – растлумачыў Віктар Гумінскі.
Ён нагадаў, што студэнты атрымалі адтэрміноўку ад войска толькі ў 2007 годзе, а да гэтага ўсе ішлі служыць і нічога страшнага не адбывалася.
Міністэрства абароны заяўляе аб штогадовым скарачэнні колькасці прызыўных рэсурсаў для забеспячэння абароны і ваеннай бяспекі дзяржавы. Аналіз колькасці насельніцтва Беларусі па полу і ўзросту паказвае істотнае зніжэнне колькасці мужчын, якія падлягаюць штогадоваму першапачатковаму прыёму на воінскі ўлік, і, як вынік, змяншэнне колькасці прызыўных рэсурсаў.
За апошні час колькасць мужчын, якім споўнілася 18 гадоў, прыгодных да вайсковага прызыву, штогод скарачаецца на 5-7 працэнтаў.
У той жа час Беларусь мае самы вялікі пералік адтэрміновак сярод краін СНД: 28 падстаў для непрызыву, што ахопліваюць 49 катэгорый (у Расіі толькі 21 адтэрміноўка, ва Украіне – 17). З-за атрымання адукацыі ў Беларусі атрымліваюць адтэрміноўкі больш за 164 тыс. чалавек ва ўзросце 18-26 гадоў, з іх каля 36 тыс. навучаюцца на завочнай форме.
Прааналізаваўшы прапановы, ырашана, што найбольш мэтазгодна прызываць студэнтаў-завочнікаў: гэта можа стаць для маладых людзей дадатковым стымулам добра вучыцца і імкнуцца паступіць на дзённую форму навучання.
Дэпутат падкрэсліў, што калі законапраект будзе прыняты і атрымае статус закона, ён не будзе мець зваротнай сілы. Гэта значыць не будзе распаўсюджвацца на тых, хто сёння прызваны і навучаецца завочна. Нормы законапраекта закрануць толькі тых, хто паступіць пасля яго прыняцця.
Віктар Гумінскі абнадзеіў: “Прызыў у армію студэнтаў-завочнікаў – гэта, магчыма, часовая мера”. Ён не выключае, што ў будучым армія можа перайсці на аднагадовы тэрмін службы. Мінабароны выступае ў падтрымку гэтай прапановы, але іншыя сілавыя ведамствы пакуль не гатовы да такіх змяненняў.
Паводле БелТА