Нельга не пагадзіцца з тым, што студэнты далёка ня круглы год жывуць бесклапотна, і стрэсавыя сытуацыі ўзьнікаюць у іх даволі часта. Асабліва небясьпечны стрэс, які студэнты перажываюць падчас сэсіі. Напружаньне ў гэты перыяд узрастае у некалькі разоў. Звычайна сэсія пралятае ў такім хуткім рытме, што заўважыць гэта не пасьпяваеш, але пасьля, варта толькі ўсяму скончыцца, адчуваеш сябе быццам выжатая цытрына.
Менавіта на такія стрэсавыя моманты, як экзамэны, прыпадаюць найчасьцей нашыя хваробы. Справа ў тым, што сам чалавек уяўляе сабой стварэньне гарманічнае, і калі гэта гармонія парушаецца хоць нейкім чынам, гэта абавязкова выклікае далейшыя парушэньні. Наш дрэнны настрой і напружаны эмацыйны стан уплывае на фізычнае самаадчуваньне, зьніжаюцца магчымасьці нашага імунітэту. Акрамя таго, дрэнныя эмоцыі ад нас на падсьвядомым узроўні перадаюцца людзям навокал, і таму мы узьлейшым ворагам, што дзейнічае незаўважна, а наступствы яго абавязкова праявяцца.
Пачніце падрыхтоўку да сэсіі загаддзя. За некалькі дзён да экзамэнаў падрыхтуйце добра памяшканьне, дзе зьбіраецеся вучыць, прыбярыце яго і забясьпечце дасягальнасьць усіх неабходных вам рэчаў.
Расплянуйце свой расклад. Нават калі вы гэтага ніколі ня робіце. У перыяд экзамэнаў лепш ведаць дакладна, што і калі рабіць, бо любыя форс- мажоры – гэта дадатковае нэрваваньне.
Паклапаціцеся пра свой фізычны стан. Забясьпечце сабе неабходны час на сьвжым паветры. Калі гэта лета, можаце рыхтавацца да экзамэнаў на паветры, напрыклад, дзе-небудзь у парку. Калі зіма, праветрывайце свой пакой.
Смачна ешце. Дазваляйце сабе любімую ежу. Памятайце, зараз у вас вельмі адказны перыяд, таму можна і зьлезьці са сваіх дыет ненадоўга. Разам з тым не злоўжывайце шкоднай ежай, асабліва фаст-фудам. Лепш згубіць крыху часу, але прыгатаваць што-небудзь смачнае і карыснае. Абавязкова ўжывайце вітаміны! Менавіта зараз.
Сачыце за сабой. Прыводзьце сябе ў добры выгляд, апраніце што-небудзь прыгожае, нават з хатняй вопраткі. Можаце нафарбавацца, нават калі не зьбіраецеся выходзіць. У вас будзе добры настрой, і вам будзе лягчэй вучыцца.
Антыдэпрэсанты – гэта ня выйсьце. Гэтак жа сама як паленьне. Менавіта ў час сэсіі зьяўляецца спакуса супакойваць нэрвы цыгарэтамі, злоўжываць кавай. Ня варта гэтага рабіць, а калі вы ўжо паліце, не павялічвайце дозу. Цыгарэты даюць вельмі часовае паслабленьне напружаньня, а шкода, якую яны нясуць арганізму, вымагае вашых сілаў і энэргіі, якія трэба ськіроўваць на іншае. Таму трымайце сябе ў руках.
Добра сьпіце. Нават калі менш, чым звычайна. Пастарайцеся класьціся спаць у адзін і той жа час, ня важна, у 12 ці ў чатыры раніцы. І не засыпайце за працоўным месцам.
Не забывайце адпачаваць, пасьля здадзенага іспыту. Не бярыцеся адразу за падрыхтоўку да наступнага, а зрабіце невялікі перапынак, схадзіце ў кіно, на канцэрт, на каток. У вашага мозгу будзе час наладзіцца на іншую дысцыпліну.
Не адмаўляйцеся ад асабістага жыцьця. Адмоўцеся толькі ад высьвятленьня адносінаў з каханым чалавекам. Адкладзіце сваркі і канфлікты. Вашая блізкасьць – добрая крыніца матывацыі. Дапамагайце адно аднаму ў падрыхтоўцы да іспытаў.Падчас сэсіі вам неабходна як мага больш добрых пазітыўных эмоцыяў, бо адмоўных вам хапае. Таму радуйцеся кожнай дробязі жыцьця. Думайце пра рэчы, якія важнейшыя для вас за адзнакі, уяўляйце свае вакацыі, што будзеце рабіць, калі “ўсё гэта сконьчыцца”. У рэшце рэшт, сэсія не вайна, і зь яе вяртаюцца. Але дзеля самога сябе вайну са стрэсам выйграць неабходна.
Памятайце пра гэта і ператварайце вашае жыцьцё ў асалоду. Усё ў вашых руках.
Рамонак